Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Звяртаюся да ўсіх вас з заклікам аб руплівай малітве і стараннях у справе новых пакліканняў да святарства з нашых сем’яў і парафій. Пінская дыяцэзія патрабуе душпастыраў. Многія парафіяльныя супольнасці з вялікай і багатай гісторыяй Касцёла застаюцца без пастаяннай духоўнай прысутнасці і пастырства святароў. Таксама буйныя мікрараёны вялікіх гарадоў, куды мігруе насельніцтва з меншых населеных пунктаў, застаюцца без належнай духоўнай апекі ў сувязі з недахопам душпастыраў. Тыя святары, якія аддана служаць у парафіях нашай дыяцэзіі, часта вымушаныя быць пастаянна ў дарозе, праязджаючы па 50 - 100 кіламетраў штонядзелю, каб паспець адказаць на духоўныя і сакрамэнтальныя патрэбы вернікаў, каб даць ім магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання ў споведзі, памаліцца на Святой Імшы і прыняць Святую Камунію.
Таму звяртаюся да ўсіх вас з заклікам заахвочваць і падтрымліваць тых маладых людзей, якія адчуваюць у сваім сэрцы голас паклікання да святарскага служэння. Яны патрабуюць нашай малітвы і дзейснага ўмацавання, каб адважна і велікадушна пайсці за голасам Хрыстовага паклікання.
Звяртаюся да юнакоў, якія чуюць у сваім сэрцы натхненне да святарскага шляху. Адвагі! Гэта Божая справа і шлях, на якім вас будзе абараняць і ўмацоўваць Езус Хрыстус – Найвышэйшы і Вечны Святар. Вы як душпастыры патрэбныя Пану Богу, Касцёлу і вас вельмі чакаюць людзі.
Дзякуем Божаму Провіду за тое, што маем у Гродне Вышэйшую Духоўную Семінарыю, дзе кожны жадаючы малады мужчына, які адчувае голас Хрыстовага паклікання, можа паступіць на навучанне і рыхтавацца да святарскага служэння.
Наша Духоўная Семінарыя ў Гродне ўжо цяпер прымае кандыдатаў. Для паступлення ў Семінарыю неабходна быць практыкуючым католікам, гатовым прысвяціць сваё жыццё служэнню людзям і Божай справе ў цэлібаце. Каб стаць семінарыстам, неабходна мець сярэднюю адукацыю, атрымаць рэкамендацыйны ліст і благаслаўленне ад свайго пробашча, падаць заяву на паступленне ў Семінарыю, здаць адпаведны ўступны экзамен, на якім кандыдат пакажа свае веды ў галіне катэхізіса веры і жыцця Касцёла. Падрабязныя ўмовы паступлення ў Семінарыю можнай знайсці на інтэрнет-партале: Catholic.by.
Заклікаю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі да малітвы аб пакліканнях і заахвочваць юнакоў да паступлення ў Духоўную Семінарыю, каб кожная наша парафія мела на месцы свайго пробашча - руплівага душпастыра, адданага Пану Богу, які будзе для вернікаў правадыром, апекуном і падтрымкай у радасцях і клопатах зямнога шляху хрысціяніна.
На старанні аб святарскіх пакліканнях з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.
+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі
Пінск, 1 чэрвеня 2026 г.